Глядзіце беларускае: дзе і што? ізноў Асіповічы!

 

17 снежня беларускаму кінематографу споўнілася 85 год. За гэты працяглы час было знята больш за 500 мастацкіх, некалькі тысяч дакументальных і 100 анімацыйных твораў. Працы В.Турава Праз могілкі” і Э.Клімава “Ідзі і глядзі” прызнаныя сусветнымі шэдэўрамі. Нашы бацькі знаёміліся з імі ў кінатэатрах ды па тэлебачанню, а вось для моладзі, якая сёння аддае перавагу фільмам на дысках, айчыннае кіно ўжо не даступнае. Чаму так здарылася і як “DVD-дэфіцыт” паўплываў на стаўленне асіповіцкіх хлопцаў і дзяўчат да нашага кінематографа, вырашыла даведацца карэспандэнтка “раёнкі”.

Ёсць што паказаць, але няма на чым

Росквіт айчыннага кінамастацтва прыпаў на 60-80-я гады ХХ ст. Тады на “Беларусьфільме” працавала цэлая плеяда таленавітых рэжысёраў (В.Тураў, Б.Сцяпанаў, В.Рубінчык, Л.Нячаеў ды інш.) і выходзіла да 40 карцін у год. Чорная паласа ў яго гісторыі пачалася пад час развала Савецкага Саюза: рэзка скарацілася фінансаванне, стаў адчувацца востры недахоп маладых кадраў. У 90-я кінастудыя так і не адаптавалася да рынкавых умоў. Пакуль яна выпускала па некалькі стужак у год, відэарынак краіны навадніла мора замежнай камерцыйнай прадукцыі. Зыходнікі ўсіх старых твораў “Беларусьфільма”, якія па савецкіх правілах адпраўляліся ў Маскву, да гэтага часу не вернутыя. За іх копіі мы вымушаныя плаціць расійскаму Дзяржфільмафонду вялікія грошы. Да таго ж у Беларусі не было апаратуры для прафесійнай алічбоўкі інфармацыі з кінаплёнак, таму сёння айчынных карцін, класічных і новых, на DVD няма.

Фільмы, пастаўленыя па творах нашых літаратараў, працягваюць карыстацца попытам. У асіповіцкі кінатэатр “Радзіма” перыядычна звяртаюцца настаўнікі з просьбай паказаць вучням экранізацыі. Аднойчы нават хацелі заказаць “Каласы пад сярпом тваім”, хоць стужка па гэтаму раману Ул.Караткевіча яшчэ не знятая. Супрацоўнікі кінатэатра спрабуюць што ні што адшукаць у фільмафондах Бабруйска і Магілёва. Аднак старыя карціны, якія зберагаліся ў пракатах на працягу дзесяцігоддзяў, аджываюць сваё і паступова спісваюцца. Не так даўно такі канец напаткаў колішні папулярны серыял “Людзі на балоце” – іншых яго версій ва ўсёй Магілёўскай вобласці больш няма.

Варта адзначыць, што крызісу негульнявога кіно не было. Яно не патрабавала такіх вялікіх затратаў, як мастацкае, таму школа дакументалістаў у Беларусі захавалася. Працы нашых сучасных рэжысёраў (В.Аслюка, Г.Адамовіч, В.Рыбарава ды інш.) адзначаныя на многіх міжнародных фестывалях. За 40 год існавання дакументальнай студыі “Летапіс” назапасілася багата фільмаў, якія ахопліваюць амаль усю нашу культурную спадчыну. Гэтыя матэрыялы маглі б быць запатрабаванымі ў навучальных установах. Зараз, калі аўдыёвізуальная інфармацыя дамінуе над друкаванай, дзеці з большай ахвотай глядзяць відэа, чым чытаюць кнігі. Аднак уся гэта неалічбаваная спадчына пакуль ляжыць у архівах мёртвым грузам…

 

Моладзь чакае зменаў

Пра стан айчыннага кінематографа давялося пагутарыць з 30 маладымі асіпаўчанамі рознага ўзросту. Больш дасведчанымі ў яго гісторыі апынуліся старэйшыя рэспандэнты: 20 чалавек змаглі ўзгадаць хаця б некалькі “старажытных” фльмаў і прозвішчы вядомых у мінулым рэжысёраў. Апытваемыя ж падлеткі прызналіся, што знаёмыя толькі з сучанымі творамі. Яны, вядома, глядзелі казкі “Прыгоды Бураціна”, “Пра Чырвоную Шапачку”, аднак не ведалі, што гэтыя стужкі знятыя ў Беларусі.

Сярод рэспандэнтаў выявіўся і адзін сапраўдны кінаман – Дзяніс Клімовіч. Ён расказаў, як можна справіцца з дэфіцытам беларускіх фільмаў: “У Інтэрнэце існуе шэраг суполак, якія збіраюць добрыя карціны і выкладаюць іх на сайтах. Як не дзіўна, але галоўная крыніца беларускага кіно сёння – гэта сайт torrents.ru. Там можна знайсці багата айчыннай кінакласікі: “Чорны замак Альшанскі”, “Дзікае паляваннне караля Стаха”, “Знак бяды”… Акрамя таго ў “сусветным павуцінні” выкладзеныя і працы нашых дакументалістаў. Яшчэ можна звярнуцца ў сталічны музей кіно, дзе ёсць вялікі каталог твораў “Беларусьфільма”, аднак запісаць нічога з іх вы не зможаце. Усе карціны, знятыя ў часы БССР, лічацца ўласнасцю нацыянальнай кінастудыі. Стужкі можна паглядзець у самім музеі за некалькі тысяч рублёў”.

Часцей за ўсё рэспандэнты знаёміліся з айчыннымі навінкамі ў асіповіцкім кінатэатры. Сёлета ў “Радзіме” прайшло 6 прэм’ерных паказаў, амаль усе з якіх прысвячаліся “традыцыйнай” ваеннай тэматыцы. Да сучаснага мастацкага кіно апытаныя хлопцы і дзяўчаты ставяцца даволі крытычна: “надакучылі перманентныя тэмы вайны, гонару ды выхавання”, “праблемы моладзі знаходзяць адлюстраванне не ў мастацкіх фільмах, а ў творах пачынаючых дакументалістаў”, “такі рэпертуар не трагедыя, трагедыя ў адсутнасці цікавых ідэй”, “мастацкае кіно было б жывейшым, калі б існавала канкурэнцыя - значная колькасць розных студый”. Метадыст кінатэатра Сяргей Бабіна прыгадаў, што апошні раз беларускі фільм збіраў поўную залю ў 1988 г. Гэта была вельмі актуальная па тых часах маладзёжная стужка “Мяне клічуць Арлекіна”.

 

Гледачам хацелася б, каб сучасны кінематограф развіваўся ў розных жанрах і стылях. У першую чаргу асіпаўчанам цікава было б пабачыць на вялікім экране фільмы, пастаўленыя па творах Уладзіміра Караткевіча. Яшчэ паступалі прапановы разнастаіць рэпертуар “Беларусьфільма” жахамі на аснове беларускага фальклора (“пачвары з казак Яна Баршчэўскага глядзеліся б не горш, за галівудскіх вампіраў і зомбі”), відовішчным гістарычным эпасам (“мы ледзь не адна краіна ў рэгіёне, якая не зняла даступнага і зразумелага кіно пра лігітымізацыю свайго гістарычнага існавання”), экранізацыямі твораў сусветных андэграўдных класікаў (“магчыма, мы былі б першапраходцамі, паставіўшы фільмы па творах Кастанэды, Керуака, Бероўза”), фэнтэзі паводле сучасных гістарычных твораў В.Іпатавай, Ул.Дайнекі (“атрымаўся б “Валкадаў” на беларускі манер”).

Змены ў нашай кінаіндустрыі ўжо пачаліся. Нядаўна закупілі абсталяванне для алічбоўкі, таму “Беларусьфільм” праз некторы час здолее прапанаваць новыя працы айчынных творцаў зацікаўленым фірмам у якасным фармаце. Таксама вядуцца размовы пра пераход нацыянальнай кінастудыі на самаакупаемасць. Усім зразумела, што наш кінематограф будзе актыўна развівацца толькі ва ўмовах эканамічнай і творчай канкурэнцыі. Галоўнае, каб камерцыялізацыя паставіла пад пагрозу яго існаванне, як гэта адбылося ў Чэхіі. Фільмы ў гэтай краіне здымаюцца, але толькі для замежнікаў, прывабленых нізкімі расцэнкамі. Таму айчыннаму кіно патрэбныя вытворцы, якія б былі зацікаўленыя ў стварэнні канкурэнтназдольнай беларускай прадукцыі і прасоўванні яе на сусветным рынку.

Лёля Пашкевіч

 

Asipoviczy!

kanapelka аватар

Асіповічы

вы таксама поруч
сталіцы
непазбежна глядзіце
кіно
Беларусі
і не толькі….

Асіповічы

Білецёр
у “Радзіме”
ляніва ірве
квіток
за гадзіну
да пачатку сеанса

Асіповічы

болей прыпынкаў не будзе
толькі
тут разумеюць
усю боль
і патрэбы кіно

Асіповічы

не спіш
экраннага цуда
чакаеш
толькі ты
між думак сталіцы

Асіповічы

я поруч
і ўся Беларусь
на экране

Асіповічы

(паводле А. Шостака)

Артыкул сапраўды напісаны ў жанры раённай газеты.
Зроблена выбарка меркаванняў мясцовых жыхароў. Паказана моладзь , якая думае.
Парадаваў Дзяніс Клімовіч - першы чалавек на Зямлі, які даў рэкляму аднаму парталу і прапіярыў кінапіратства і быў названы за гэта кінаманам. Брава, Беларусь))))

Сваечасова і заканамерна выведзена патрэбы ў разнастайнасці жанраў беларускага кіно. Па-чэснаму згаданы Караткевіч, які, не для каго не сакрэт, быў не задаволены пастаноўкамі фільмаў па сваіх кнігах.
Ды і Баршчэўскага трэба пераздымаць (фільм па ягонай кнізе атрымаўся занадта "голы" і "халодны" і ў пачуццях-гульні акцёраў, і ў атрыбутыцы-бутафорыях-адзенні кінаперсанажаў. Тады ішоў 1992 год. І часткі фільма здымаліся у Салігорскіх шахтах. Мо шахцёры неяк паўплывалі???)

З іншага боку, артыкул - раённы і ў чымсьці сьмелы ў параўнанні з іншымі "раённымі" ды і ўсімі "рэспубліканскімі" артыкуламі.

Не зразумелы выраз, але цалкам лагічны з пункту гледжання раённага пасылу: "Усім зразумела, што наш кінематограф будзе актыўна развівацца толькі ва ўмовах эканамічнай і творчай канкурэнцыі".

Хто гэта "усім"?
Мне не зразумела.
Вышэйзгаданы выраз выдраны з праграмы развіцця аграпрамысловага комплекса Беларусі. А для кіно - трэба спецыяльную літаратуру чытаць і спецыяльныя праграмы распрацоўваць. Кіно-не бульба і не малако. У бідон не разальеш і на выставу не паставіш.

Больш за тое, беларускае кіно і так развіваецца ва ўмовах эканамічнай (у параўнанні з тым жа расейскім кіно) і творчай канкурэнцыі. Ужо амаль стагоддзе.
Нашыя культурніцкія ВНУ даўно выпускаюць рэжысёраў кіно і тэатра.
Вы калі-небудзь былі ў суполцы рэжысёраў???
Шчасце, калі яны адзін аднаго не пазабіваюць колкасьцямі і падкавыркамі.

Л. Пашкевіч укзавае: "Таму айчыннаму кіно патрэбныя вытворцы, якія б былі зацікаўленыя ў стварэнні канкурэнтназдольнай беларускай прадукцыі і прасоўванні яе на сусветным рынку"....

Маюцца ў нас такія. Кожны рэжысёр марыць пра Маскву ці хаця б пра Оскар.

Што значыцца "канкурэнтназдольнае белорускае кіно"?
З кім яно павінна канкураваць? З іншымі фільмамі? З іншымі гледачамі? З постацямі рэжысёраў? З ідэямі, укладзеныя ў фільмы?
Добра, што ў артыкуле знайшлося месца для парвільнага азначэння канкурэнцыі - "канкурэнцыі кінастудый". На сённяшні момант гэта можаш лічыць найбольш актуальным.

Тады рашэнне для беларускага кіно вельмі простае - браць сусветныя шэдэўры і ў постмадэрновым угары пераздымаць усё з большай помпай і ў беларускім калярыце.

Больш за усё закранула - "кіно - г.зн. прадукцыя".
Прадукцыя выходзіць з канвейера, таму і называецца прадукцыяй. Хто-небудзь хоча пракаментаваць пагрозы такога разгляду????

Слова "прадукцыя" зляцела з языка тагачаснага міністра культуры Беларусі, які атрымаў лупца на сходзе Савета Міністраў. А там гэтае слова пачуў ад Міністра цяжкай прамысловасці, якія распавёў аб поспехах МТЗ.
І пайшло, і паехала. Выступ "міністра" надрукавала газета "Культура", а яе выпісваюць усе дамы культуры раёнаў Беларусі.
Атрымаўся таксама канвейер ..... (не напішу чаго))).

Рэжысер не павінен думаць пра прасоўванне фільма.
Аб гэтым павінен думаць прадзюсар фільма: пошук партнераў, заключэнне дамоваў, намацванне сувязяў.
Калі пра гэта пачынае думаць рэжысёр - нараджаецца порна (у шырокім сэнсе гэтага слова).

У агульным - такія артыкулы трэба вышукваць, размяшчаць на сайце і, безумоўна, пісаць свае.
Што паробіш, яны адлюстроўвацюць нашую сучаснасць.
Шкада, што журналісты павінны пастаянна падначвацца пад патрабаванні цытавання дзяржаўных думак.
Дыялогу, які павінен вынікаць з такога цытавання, пакуль не атрымоўваецца. А такія артыкулы, як артыкул Лёлі Пашкевіч, праз супрацьпастаўленне розных меркаванняў, праз актуальную праблемнасць і набалеласьць, валодаюць патэнцыйнай сілай прымусіць людзей думаць і змяніць нешта ў беларускім кіно.