Асіповіцкая “Радзіма” і моладзь — паняцці несумяшчальныя?

 

Кінатэатры зноўку становяцца папулярнымі. “Працэнтаў 80 нашай аўдыторыі — гэта моладзь”, — адзначае Святлана Сярбаева, намеснік загадчыка аддзела рэпертуарнага планавання Магілёўскага абласнога вытворчага УП ”Кінавідэапракат”. І для таго, каб яна прыйшла на кінапаказ, плённа дзейнічаюць аддзелы рэпертуарнага планавання, праводзяцца апытанні патэнцыяльных і рэальных гледачоў і г.д. Аднак не ўсюды сітуацыя аптымістычная.

З 24 па 26 верасня ў Магілёве пройдзе ХII-ы па ліку Міжнародны фестываль-конкурс анімацыйнага кіно “Анімаёўка”, праграма якога на працягу месяца будзе дэманстравацца па ўсёй вобласці. Аднак на экране асіповіцкага кінатэатра “Радзіма” мультыплікацыйныя шэдэўры паказвацца не будуць. Магчымасць атрымаць асалоду ад анімацыі Беларусі, Расіі, Ірана, Казахстана і г.д. будзе прадстаўлена толькі наведвальнікам школ і дзіцячых садкоў падчас аргані-заваных праглядаў. “Мы спрабавалі “пракатваць” такія стужкі ў кінатэатры, але не сабралі аўдыторыю”, — кажа метадыст УК “Асіповіцкая кінавідэасетка” Сяргей Бабіна.

Вялікая частка асіпаўчан канстатуе, што ў горадзе ка-тастрафічна не хапае месцаў для адпачынку. Але пры гэтым не спяшаецца на кінасеансы ў РЦК і “Радзіму”. Чаму былыя “Анімаёўкі” не знаходзілі гледача? Чаму ўвогуле “Радзіма” не збірае поўныя залы? Чаму асноўная яе аўдыторыя — дзеці і падлеткі? З чым звязаны відавочны кантраст паміж рэпертуарам і наведваннем абласнога і раённага кінатэатраў, — адказы на гэтыя пытанні вырашыла знайсці карэспандэнт “АК”.

Замкнёнае “кола”

Фільмы трапляюць у асіповіцкую кіназалу настолькі поз-на, што назваць іх прэм’ерай можна з вялікай нацяжкай. Чаму так адбываецца?

Кінатэрыторыя Беларусі складаецца з абласцей-трохкутнікаў. На вяршыні кожнага замацаваліся абласныя кінатэатры, што фінансуюцца з дзяржбюджэту, маюць права самастойна набываць стужкі і эксперыментаваць. Падмурак піраміды складаецца з мала-прыбытковых раённых “ра-дзім”, чый рэпертуарны “лёс” знаходзіцца ў руках абласных кінатэатраў.

Парадаксальна, але часткі піраміды не складаюць адзінага цэлага, таму што раённыя сеткі кінафікацыі падпарадкоў-ваюцца аддзелам культуры райвыканкамаў, але цалкам залежаць ад абласных кінатэатраў. Гэтая залежнасць мае назву “кола”...

“Улічваючы геаграфічнае размяшчэнне населенага пункта і колькасць яго жыхароў, мы складаем графік пракату фільма — так званае “кола”, — тлумачыць Святлана Сярбаева. — Як правіла, фільм набываецца ў адным экземпляры. Перад тым, як гэты экземпляр патрапіць у Асіповічы, ён спачатку “пракруціцца” ў Бабруйску, Кіраўску і Глуску”. Варта адзначыць, што асіповіцкая кінавідэасетка ў спісе з 20 раённых кінаарганізацый знаходзіцца на 4-м месцы...

Закупаць некалькі копій стужкі на вобласць Магілёўскі кінавідэапракат матэрыяльна не гатовы. Карыстанне філь-мам на працягу года абыхо-дзіцца, у сярэднім, ад 10 да 20 млн. рублёў. І акупіць выдаткаваныя сродкі — складана. “У абласным горадзе цяжка напоўніць залу на 200 месцаў, — адзначае Святлана Аляксандраўна. — І на наш погляд, тое, што дасылаецца на дэманстрацыю ў Асіповічы, павінна задавальняць патрэбы 37-тысячнай аўдыторыі”.

Сяргей Бабіна мяркуе інакш: “Таго, што атрымоўваем у пракат, не хапае. Канешне, мы самі можам праявіць ініцыятыву і заказаць стужкі ў Магілёва, але іх могуць і не даць. А калі і дадуць, то паставяць умову: сабраць, напры-клад, не менш за 500 чалавек. А калі не атрымаецца? З чаго мы будзем аддаваць грошы?”

Адсутнасць ініцыятывы “знізу” і абыякавасць “зверху” робіць “кола” замкнёным. Абласныя кінатэатры не дасылаюць стужак больш, чым лічуць вартым, а раённыя і не просяць “дабаўкі”, хаця яна і па-трэбная. Усе слушна баяцца патрапіць у грашовую “яму”...

Кіно “эканом-класа”

Чым раённы кінатэатр расплачваецца з абласным за карыстанне стужкамі? “За пракат мы павінны аддаць 30, 50, а часам 55 працэнтаў ад са-бранай сумы”, — кажа Сяргей Бабіна. На стужкі беларускай вытворчасці — “скідкі” — 25 працэнтаў ад выручкі.

Адкуль ільготы? У гэтым годзе пры падтрымцы Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у Магілёве стартавала акцыя “Кіно маёй краіны”. Яе мэта — папулярызацыя беларускіх фільмаў, цікавасць да якіх, мякка кажучы, не вельмі высокая. Таму сёння кінатэатры вобласці актыўна знаёмяць аўдыторыю з фільмамі айчыннай вытворчасці (“Чаклун і Румба”, “Ра-дзіма ці смерць”, “Зграя” і г.д). Складаецца спецыяльны графік пракату стужак “эканом-класа”. “Значна лягчэй працаваць з беларускім кіно, накіраваным на моладзь. “Зграя” З.Зайцава акупілася ў нас за год”, — дзеліцца вопытам С.Сярбаева.

Згодна са статыстыкай, асі-повіцкая кінавідэасетка з кожным годам павышае эфектыўнасць сваёй дзейнасці. Па выніках першага кварталу 2008 г. кінатэатр і РЦК наведала 10.800 чалавек, у 2009 — 13.100. “Мы “ідзем у плюс” за кошт, так званага, арганізаванага гледача. Гэта праца са школамі, прад-прыемствамі і гэтак далей”, — каменціруе лічбы С.Бабіна.

У шэрагу стужак “эканом-класа” — разнастайныя праекты. Адна з апошніх прапаноў, зробленая Магілёўскай кіна-відэасеткай сваім раённым калегам, гэта праект “Рэха фестывалю”. Кінатэатрам за пэўную суму даецца ў пракат праграма з кароткаметражных камедый, намінаваных на “Оскар”. На пытанне, ці падтрымае гэты эксперымент Асіповіцкая кінавідэасетка, С.Бабіна адказаў так: “Усё тут залежыць толькі ад нас саміх, і мы разгледзім гэты варыянт. Але такое кіно не разлічана на дзетак. А дарослыя... Хто яго ведае, колькі тых дарослых прыйдзе...”

Такім чынам, аморфнасць аўдыторыі прымушае адміністрацыю да любой ініцыятывы ставіцца абачліва і ісці толькі на мінімальную рызыку. Таму асноўнымі гледачамі “Радзімы” і РЦК на цяперашні момант з’яўляюцца дзеці і падлеткі: арганізаваныя паходы ў кіно яшчэ ніхто не адмяняў. А самыя цікавыя праекты, кшталту “Рэха кінафестывалю”, “Дні кіно краін свету” пройдуць у Бабруйску, Шклове, але не ў Асіповічах, дзе адсутнасць аўдыторыі — звычайная справа.

Але што робіцца для таго, каб публіка зацікавілася і прыйшла ў кіназалу?

Хто першы: відэапракат ці кінатэатр

У асіповіцкага кінамана заўсёды ёсць выбар: альбо ўзяць фільм у мясцовым пракаце, альбо набыць яго пірацкі варыянт, альбо скачаць з Інтэрнэта. Канкурэнцыя ў мясцовай кінавідэасеткі багатая і актыўная. Напрыклад, супрацоўнікі кропкі відэапракату ПУП “ВиКо-2008”, каб вы-светліць густы кліентаў, перыядычна ла-дзяць сярод іх апытанні.

Навінкі кінематаграфіі ў пракаце і продажы з’яўляюцца праз пэўны тэрмін (ад месяца да паўгода) дэманстрацыі ў кіназалах. Толькі па яго заканчэнні ў крамах можна знайсці ліцэн-зійную прадукцыю. “Нам выгадна набыць фільмы як мага хутчэй”, — ад-значае Вікторыя Паланейчык, якая кіруе ўзгаданай кропкай. — “Тарас Бульба” з’явіўся спачатку на нашых паліцах і толькі праз месяц — у кінатэатры”. “Кідок кобры” паказваўся на асіповіцкім экране з 11 па 13 верасня. Але яшчэ напрыканцы жніўня яго можна было знайсці ў асартыменце крамы “Плэй плюс”.

Адзінае, чаго не могуць дазволіць сабе прыватныя кропкі — прадукцыю “Беларусьфільма”. Яна не рэкламуецца і не карыстаецца попытам. Але сённяшняя беларуская мультыплікацыя, па словах прыватных пракатчыкаў, ні ў чым не саступае сусветнай. На жаль, сустрэць айчынныя мультфільмы на асіповіцкім вялікім экране таксама не выпадае. Чамусьці лозунг “Купляйце беларускае” на кінасферу не распаўсюджваецца.

Нягледзячы на тое, што ў аператыўнасці мясцовая кінавідэасетка значна саступае сваім канкурэнтам, у яе ёсць прыхільнікі. “Тэхнічны ўзровень паказу і ўсё астатняе мяне не засмучае, — дзеліцца думкамі адзін з пастаянных наведвальнікаў “Радзімы” Вадзім. — Я іду глядзець не саму стужку, мне даспадобы атмасфера, якой насычана кіназала, эмоцыі публікі. Першая рэакцыя знаёмых на запрашэнне ў кінатэатр: “А што там глядзець?” Аднак менавіта тут я ўпершыню па-знаёміўся з “Рок-н-рольшчыкам” і “Пісталетам”. Часам тут паказваюць кіно, якое мне можа спадабацца...”

Пацыент больш мёртвы, чым жывы?

Кінатэатр “памірае” тады, калі развальваецца ці страчвае свайго апошняга гледача. Ні таго, ні другога з “Радзімай” пакуль не здарылася. Аднак ёй для паўнавартаснага “жыцця” патрэбны поўныя залы і прыбытак, якія яны прыносяць. На жаль, тутэйшая кінаўстанова не можа нават аказваць платныя паслугі (більярд, буфет), бо яе памяшканні не адпавядаюць санітарным і пажарным умовам.

Навідавоку наступны парадокс. Патэнцыяльная кінааўдыторыя мае жаданне добра бавіць час, але як альтэрнатыву кінатэатр не разглядае. Асноўныя прычыны: 1) адсутнасць камфорту; 2) бедны рэпертуар; 3) запозненасць паказу; 4) аддаленасць ад цэнтра. Тутэйшая кінавідэасетка валодае патэнцыялам, але разам з тым не варушыцца, каб прывабіць аўдыторыю. Прычыны: 1) адсутнасць аплачваемага энтузіязму і грашовай падтрымкі; 2) няведанне сваёй рэальнай і верагоднай аўдыторыі; 3) страх не акупіць пракат.

Кінатэатр сёння больш жывы, чым мёртвы. Але яго стан можна назваць “комай”. Каб з яе выйсці, натуральна, патрэбны грошы, але без ініцыятывы і крэатыўнасці су-працоўнікаў тут не абысціся.

 

асіповіцкая раённая газета

 

...рэха нечага большага

Так, жудасная карцінка!
Гэта ўсё рэха нечага большага, прычына чаму збягаюць з раённых цэнтраў і мястэчак у Мінск, забітасць, адсталасць, беднасць. Гэта вельмі інэрцыйная сістэма, няўжо можна такую махіну рушыць?

доктар Сыч

палітычны рэжым - савецкі тормаз усіх пачынаньняў